АБМЕН ТУРЫСТЫЧНЫМІ ХІТРЫКАМІ НА ФЕСТЫВАЛІ «САМАХОД» - Belarus Watch
Belarus Watch, NGO Belarus, Vilnius
458
single,single-post,postid-458,single-format-standard,ajax_fade,page_not_loaded,,select-theme-ver-1.8.1,smooth_scroll,wpb-js-composer js-comp-ver-4.11.2.1,vc_responsive
img_0649

АБМЕН ТУРЫСТЫЧНЫМІ ХІТРЫКАМІ НА ФЕСТЫВАЛІ «САМАХОД»

Чацвёрты фестываль мабільнасці «Самаход» сабраў зацікаўленых у вандроўках людзей у Берасці 1 лютага. Прафесіяналы падзяліліся досведам працы ў travel-журналістыцы, заўзятыя вандроўцы далі карысныя парады пра танныя паездкі, а кампанія «Без візы» дадала аптымізму ў тэму візавага рэжыму Беларусі. Якія цікавыя парады атрымалі удзельнікі мерапрыемства — у артыкуле з фота ад Вольгі Малафеечавай для “Будзьма Беларусамі!”.
 

 

«Самаход»  фестываль для тых, хто цікавіцца вандроўкамі, месца, дзе можна «аддаць» ці прыняць каштоўную інфармацыю пра перамяшчэнні ў любыя пункты свету на любым відзе транспарту. Папярэднія мерапрыемствы ладзіліся ў Мінску, а ў гэтым годзе эстафету прыняло Берасце. Праграма была багатая на лекцыі і прэзентацыі і разлічаная на розныя ўзроўні вандроўцаў. Таму і аўдыторыя абнаўлялася ў пачатку кожнай новай тэмы
 
Я вандрую і пішу
 
Падчас вандровак мы накопліваем досвед, уражанні, натхненне. Ёсць людзі, якім недастаткова перажыць гэта ўсё ўнутры сябе, яны адчуваюць неабходнасць данесці накопленае да грамадства. Вось яны і робяцца travel-журналістамі, задача якіх  адлюстраваць рэальную карціну ўмоваў адпачынку ў краіне.
 
Рэдактар парталу Traveling.by Анастасія Шаткевіч і журналіст Таццяна Данілушкіна пускаюць усе грошы на чарговую вандроўку, каб пасля падаць чытачам актуальную інфармацыю пра тое, куды, за які кошт, калі і чаму варта паехаць.
 
3 факты пра travel-журналістаў у Беларусі:

  1. Часцей за ўсё travel-журналісты вандруюць бясплатна (за кошт боку, які прымае) ці за мінімальны кошт. Але гэта не павінна ўплываць на ступень пазітыўнасці створанага артыкула.
  2. Апублікаваць нататкі пра свой адпачынак у Турцыі лепей у прыватным блогу. Рэдактар чакае актуальнай тэмы ці апісання краіны, дзе яшчэ не бываў ніводны беларус.
  3. Беларускаму travel-журналісту прасцей пісаць пра іншыя краіны, бо там ён госць. Але для паўнавартаснай карцінкі трэба выходзіць за межы стандартных экскурсій і шукаць кантакту з мясцовым насельніцтвам.

 
Я вандрую не па турпакеце

Турыстычныя фірмы існуюць, каб рабіць за нас усё. Нашая справа  заплаціць грошы і адпачываць. Але ёсць людзі, якія атрымліваюць задавальненне, пачынаючы ўжо з этапу планавання маршрута. Часцей за ўсё яны стараюцца «падсадзіць» на самастойныя танныя вандроўкі і іншых людзей.
 
4 парады для тых, хто шукае нестандартныя формы адпачынку:

  1. Пешыя вандроўкі (трэкінг) па гарах. Самымі папулярнымі маршрутамі для беларусаў сёння з’яўляюцца ўкраінскія Карпаты, польскія Татры і каўказскія горы ў Грузіі. Можна адправіцца ў горы самастойна, прадумваючы пытанні начлегу, харчавання і рыштунку. А можна далучыцца да прафесіяналаў (суполка «Паходнікі з Беларусі»). У любым выпадку варта пачынаць трэніроўкі з хадзьбы з заплечнікам на 15 кг.
  2. Вандроўкі на роварах. Варыянт для тых, хто ўжо адкатаў усе 4 роварныя маршруты па Белавежскай пушчы. Выехаць на ровары праз мяжу ў бок Еўропы стала амаль немагчыма, таму лепей зняць колы і скарыстацца цягніком ці аўтамабілем. Аляксей Ландрэс натхніў усіх уладальнікаў ровараў сваёй 100-дзённайвандроўкай па Еўропе. Але не спяшайцеся паўтараць ягоны маршрут, пакуль не выбралі адпаведную для вас мадэль ровара.
  3. Танныя пералёты. Самы хуткі спосаб трапіць у патрэбную краіну  самалёт. Дзякуючы танным авіябілетам (лоўкостам) можна істотна зменшыць свой турыстычны бюджэт. Сяржук Місюкевіч параіў берасцейцам карыстацца паслугамі сайтаў wizzair.com, ryanair.com, norwegian.com, easyjet.com. Тут можна замовіць танныя квіткі з польскіх аэрапортаў амаль у любое месца свету.
  4. Каўчсёрфінг (пошук бясплатнага начлегу). Дзякуючы анлайн-сэрвісу couchsurfing.com сёння вандроўцам неабавязкова замаўляць гатэлі і шукаць кампанію для паездкі. Дастаткова завесці акаўнт, прапісаць свае інтарэсы, а потым рассылаць запыты ў той горад, куды збіраецеся паехаць. Водгукі дапамогуць зразумець плюсы і мінусы канкрэтнага прытулку. Але памятайце, што і да вас можа звярнуцца замежны турыст, таму трэба прадумаць, зможаце вы прыняць яго ў сваім доме альбо проста пакажаце яму горад.

 
Я вандрую без візы

Актуальнай тэмай падчас планавання вандроўкі па-ранейшаму застаецца пытанне візы. Прэзентацыя грамадскай кампаніі «У Беларусь і Еўропу  БЕЗ ВІЗЫ!» выклікала вялікую цікавасць з боку аўдыторыі.

Сёння Беларусь  адзіная краіна сярод краін Усходняга партнёрства, жыхары якой плацяць за шэнгенскую візу 60 еўра (астатнія  35 еўра). Гэта звязана з тым, што беларускі бок доўгі час не пачынаў працэс спрашчэння візавага рэжыму. Сайт Novisa.by размясціў цікавы калькулятар, які адлічваў дні, колькі Беларусь не адказвае на запрашэнне аб такіх перамовах. У выніку калькулятар спыніўся на лічбе 912 дзён.
 
«візавых» сакрэтаў для беларусаў:

  1. Сёння Беларусь мае бязвізавае пагадненне з 24 краінамі (сярод іх у асноўным краіны былога СССР і Паўднёвай Амерыкі).
  2. Беларусы ўжо маюць магчымасць знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі без візы цягам 30 дзён. А хутка дасягальнымі для нас стануць Ізраіль і Бразілія.
  3. Максімальны тэрмін, на які можна атрымаць візу ў Беларусі,  5 гадоў. Але на гэта рэдка каму шчасціць.
  4. Складаней за ўсё атрымаць візу ад амбасады Чэхіі. А самай закрытай краінай візавага рэжыму з’яўляецца Туркменістан.
  5. Бясплатную шэнгенскую візу атрымліваюць: дзеці ва ўзросце да 6 гадоў, грамадзяне, якія едуць наведаць цяжка хворага сваяка ці на месца пахавання, а таксама ўдзельнікі навуковых, спартовых, культурных мерапрыемстваў па запрашэнні адпаведнай арганізацыі.
  6. У студзені 2015 года ў 4 гарадах Беларусі (Мінск, Гародня, Гомель, Берасце) адчыніліся візавыя цэнтры Літвы. Усе неабходныя дакументы вам дапамогуць падрыхтаваць за 18 еўра.
  7. Польская амбасада ўжо распачала працэдуру выдання біяметрычных віз. Цяпер для атрымання шэнгенскай візы беларусам будуць рабіць адбіткі пальцаў. Біяметрычная інфармацыя будзе захоўвацца ў агульнай базе 5 гадоў і выкарыстоўвацца іншымі краінамі зоны Шэнген.

 
Паміж сур’ёзнымі лекцыямі ды размовамі арганізатары ладзілі «вандроўныя» віктарыны, дзе разыгралі карысныя для турыстаў рэчы. А завяршыўся фестываль мабільнасці «Самаход» музычным выступам саліста гурта «Без назвы» Алеся Лютыча.
 
Фота з мерапрыемства ад “Будзьма Беларусамі!” можна паглядзець тут.
 
Аўтар: Вольга Малафеечава